Гарадзенку асудзілі за акцыю, што адбылася яшчэ ў верасні
Гарадзенку Алену Чабоцька асудзілі па фота і відэафіксацыі за акцыю, што адбылася 6 верасня. На суд жанчыну выклікалі яшчэ ў пачатку лістапада, але яна некалькі тыдняў хварэла на каронавірус.
Па словах жанчыны, яна трапіла на тую акцыю ў верасні выпадкова.
– Шостага верасня я прыехала да крамы раніцай, каб купіць падарунак свайму ўнуку. Толькі падышла да крамы і гляджу, з левага боку стаіць аўтазак, стаяць міліцыянты ў чорнай вопратцы. Яны крычаць, яны ляпаюць дубінкамі па сваіх плячах. Я нават і разгубілася.
Штраф у 20 базавых велічыняў, а гэта 540 рублёў, для Алены Чабоцька вельмі вялікі.
– Канешне, гэта паўтары маёй пенсіі. Справа ў тым, што ў мяне ёсць і сябры, у мяне ёсць сумленне, і я ведаю, што многім людзям намнога цяжэй. Ім і матэрыяльна цяжэй. Ім фізічна цяжэй. Многія прайшлі праз такія пакуты. Я з людзьмі размаўляю і мне робіцца проста страшна. Думаю, што за дапамогай матэрыяльнай я звяртацца не буду. Я буду намагацца неяк сама справіцца.
Жанчына вельмі здзівілася сведчаннямі незнаёмых людзей у судзе, і па яе словах, яна ніколі не бачыла тых міліцыянтаў, якія сведчылі супраць яе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча