Гарадзеншчына: амаль 5 тысяч хворых, рэгіён яшчэ не выйшаў на плато



Галоўны пазаштатны інфекцыяніст упраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Цыркуноў распавёў пра сітуацыю з каронавірусам у Гарадзенскай вобласці, паведамляе tut.by са спасылкай на «Гродна Плюс». Паводле слоў спецыяліста, рэгіён «складае 11% ад усёй каронавіруснай інфекцыі». Значыць, на Гарадзеншчыне, калі браць афіцыйныя лічбы Міністэрства аховы здароўя, – 4774 выпадкі каронавіруса.

Па словах Уладзіміра Цыркунова, Гарадзенская вобласць яшчэ не выйшла на плато, а толькі да яго набліжаецца:

– Кожны дзень павялічваецца колькасць інфікаваных, іх не вельмі шмат, але невялікі прырост ёсць. Гарадзенская вобласць зараз складае 11% ад усёй каронавіруснай інфекцыі. Гэта невялікі паказчык. У рэгіёне няма выбухнога росту, як гэта адбылося ў іншых рэгіёнах ці як зараз адбываецца ў іншых краінах. Мы, безумоўна, выйдзем на плато, я спадзяюся, што гэта будзе летам.

Апошняя афіцыйная інфармацыя аб сітуацыі з каронавірусам у Гарадзенскай вобласці з’явілася 24 красавіка. Тады на Гарадзеншчыне было 347 чалавек з каронавірусам.

Фота: скрыншот з відэа