Гарадзеншчына: збор подпісаў за Ціханоўскую працягваецца



На Гарадзеншчыне працягваецца збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Валанцёры і сябры ініцыятыўнай групы збіраюць подпісы не толькі ў абласным цэнтры, але і ў малых гарадах.

Пра збор подпісаў распавядае адзін з валанцёраў Алег Кекух:

– Былі ў Зельве, збіралі подпісы. Сабралі каля 70 подпісаў. Здаецца няшмат, але калі палічыць адносна тых, хто там жыве, а гэта крыху больш за 7000 чалавек, то прыйшоў падпісацца ў адзін дзень з 12.00 да 19.00 не больш і не менш, а 1% насельніцтва.

Пасля раённага цэнтра валанцёры і сябры ініцыятыўнай групы прыехалі збіраць подпісы ў Гародні, кажа Алег Кекух:

– Людзі ідуць усе, і з заводаў, часам нават бачыў, што тыя ж самыя супрацоўнікі некаторых сілавых ведамстваў падыходзяць. Народ стаіць пастаянна, не бывае так, што прастойваем больш 2-3 хвілін. Але адносна таго насельніцтва, якое жыве ў Гародні, працэнт невялікі.

РР: Але ж былі ўжо чэргі, шматлікія ўжо падпісаліся?

– Так, але калі глядзець у працэнтных суадносінах, то гэта няшмат.

РР: Можа, вы ведаеце ўжо колькі гарадзенцаў падпісалася?

– Не, не ведаем, не даводзіцца нам такая інфармацыя. Гэта будзе прыемная нечаканасць для нашых уладаў.

Адначасова на Савецкай плошчы Гародні адбываецца збор подпісаў за некалькіх кандыдатаў. Апроч намёта, дзе збіраюцца подпісы за Святлану Ціханоўскую, тут збіраюць подпісы за Валерыя Цапкалу і Ганну Канапацкую.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча