Гарадзенскае ТБМ: Шчыра запрашаем навучацца па-беларуску!



У Гародні працягваецца набор у першыя беларускія класы, якія існуюць у двух школах горада: №№ 32 і 34. Калі ў 32-ой школе для адкрыцця класа дастаткова заяваў, то на гэты час у 34-ай школе заява толькі адной сям’і. Абласная Рада Таварыства Беларускай мовы звяртаецца да гарадзенцаў, бацькоў першакласнікаў, падтрымаць  гэтую сям’ю, і даць сваім дзецям шанец вывучаць мову сваёй нацыі.

Зварот Гарадзенскай абласной Рады Таварыства беларускай Мовы імя Францішка Скарыны:

Гарадзенцы, бацькі дзетак, якія пойдуць сёлета ў першы клас і жывуць у Кастрычніцкім раёне Гародні! Шчыра запрашаем да беларускага навучання! У сярэдняй школе №34 адкрыты набор у беларускі клас. Заявы можна падаць незалежна ад месца пражывання. Пакуль навучацца па-беларуску ў гэту школу пададзена толькі адна заява.

Асабліва запрашаем прыняць рашэнне тым бацькам, а іх каля сотні, якія пісалі заявы на навучанне іх дзяцей у гімназіі № 1, але не прайшлі па конкурсе. Сярэдняя школа №34 знаходзіцца непадалёку ад гімназіі № 1. У беларускім класе гэтай школы вашым дзецям будзе вучыцца лягчэй, і эфектыўней. Бо беларускі клас звычайна не большы за 10 чалавек. І вучыцца ў ім могуць дзеці, якія жывуць у розных месцах горада, без абмежаванняў. Дадамо, што СШ №34 мае свой басейн, гурткі па зацікаўленнях, мае сваю школьную форму і таленавітых педагогаў.

Дапаможам адкрыць беларускі клас у сярэдняй школе № 34 і сёлета!

Абласная Рада Таварыства беларускай Мовы імя Францішка Скарыны.

Беларускае Радыё Рацыя