Гарадзенскае выданне прызнана лепшым рэгіянальным медыя



Беларускамоўнае выданне з Гародні Hrodna.life па выніках конкурса Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальных медыя прызнана лепшым рэгіянальным медыя Беларусі.

Пра адметнасці конкурсу распавядае рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:

– Атрымліваецца мы ўзялі самую галоўную ўзнагароду сярод і друкаваных газет, і інтэрнэт-сайтаў. Было 13 удзельнікаў, 13 рэгіянальных медыя ўдзельнічала ў конкурсе, 96 журналістаў і амаль 300 матэрыялаў. Акрамя галоўнай узнагароды мы яшчэ ўзялі 8 дыпломаў і першыя месцы ў розных намінацыях.

Адным з пераможцаў гэтага конкурсу стаў вядомы журналіст Гародні Руслан Кулевіч, які, па словах Аляксея Шоты, паказаў на сваіх фота гістарычную рэканструкцыю падзей Халакосту ў Гародні:

– Гэта быў фотарэпартаж з такой маўклівай акцыі памяці, прысвечанай Халакосту ў Гародні, гісторыя гарадзенскага гета. Гэта быў марш даволі вядомых гарадзенскіх акцёраў – Васіля Калача і яго калег з тэатра “Гіксаген”. Яны прайшліся па вуліцы Савецкай, ад Віленскай да вялікай сінагогі ў строях з эпохі, з нашытымі жоўтымі зоркамі Давіда, рэканструюючы ўваход габрэяў у гета, калі іх сагналі туды ў 1941 годзе.

Для гарадзенскага выдання перамога ў конкурсе Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальных медыя — не адзінае прызнанне 2020 года. Hrodna.life таксама сёлета атрымаў высокія адзнакі ў маніторынгу выканання прафесійных стандартаў MediaIQ.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: hrodna.life