Гарадзенскага актывіста БХД пазбавілі працы
Гарадзенскі актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Верамеенка і яго сын Мікалай пазбаўлены ліцэнзіі на перавозку пасажыраў Міністэрствам транспарту.
Падставай для пазбаўлення ліцэнзіі паслужыў несправядлівы штраф, накладзены ў кастрычніку летась на Сяргея Верамеенку, які працаваў таксістам, за парушэнні выяўленыя ў афармленні пуцявой карткі. Віны ён не прызнаў і спрабаваў абскардзіць вынесены штраф у Вярхоўным судзе.
Кажа Сяргей Верамеенка:
– Я лічу, што Міністэрства транспарту незаконна выпісала пратакол і суд незаконна вынес такое рашэнне. Суд абапіраўся на тыя дадзеныя, якія падавала Міністэрства транспарту. Асноўным быў ліст з Міністэрства транспарту на тое, якім чынам трэба запаўняць пуцявую картку, але гэты ліст супярэчыць самаму палажэнню па запаўненню пуцявых картак, таму падзаконны акт не можа быць вышэй за закон. Фармальна канешне тут не падчэпішся.
Сяргей Верамеенка лічыць пазбаўленне яго і сына ліцэнзіі на транспартныя перавозкі – вынікам незаконных дзеянняў транспартнай інспекцыі ды ўсіх узроўняў суда. Па яго меркаванню, грамадская дзейнасць стала падставай фактычнага пазбаўлення працы пасля вынясення штрафу транспартнай інспекцыяй.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня