Гарадзенскага актывіста выклікаюць у КДБ



Гарадзенскага грамадскага актывіста Дзяніса Івашына выклікае Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі.

„Патэлефанаваў прадстаўнік КДБ, які прадставіўся маёрам Паўлам Славутам, і настойліва прапанаваў прыйсці ва ўпраўленне КДБ, каб пагаварыць пра характар і мэту замежных паездак”, – распавёў актывіст:

– Вельмі настойліва хацеў, каб я прыйшоў ва ўпраўленне КДБ Гарадзенскай вобласці, што знаходзіцца ў Гародні па вуліцы Тэльмана. Я пытаюся ў яго: “Якая падстава для выкліку?”, ён кажа: “Гэта звязана з вашымі замежнымі паездкамі. Я таксама настойліва прапанаваў яму захоўваць усе працэсуальныя працэдуры і даслаць позву мне асабіста. Ён вельмі так настойліва патрабаваў сустрэцца са мной, каб уручыць гэту позву, аднак я адмовіўся, кажу: “Давайце праз пошту, не буду вам аблягчаць вашу працу”.

Дзяніс Івашын лічыць, што такая цікавасць КДБ звязана з яго паездкамі ва Украіну. У мінулым годзе гарадзенец цэлы месяц правёў на кіеўскім Майдане. Актывіст сказаў маёру КДБ, каб той даслаў яму афіцыйны выклік позвай.

Беларускае Радыё Рацыя