Гарадзенскага чыноўніка пасадзілі за карупцыю на 7,5 гадоў



Суд Цэнтральнага раёна Менска прыгаварыў былога начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Андрэя Стрыжака да сямі з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, канфіскацыі ўсёй маёмасці і пазбаўлення права займаць пасады кіраўнікоў на працягу пяці гадоў. Прысуд 15 лютага вынесла суддзя Юлія Густыр.

Працэс па справе Стрыжака пачаўся 10 студзеня. Абвінавачанне, якое прадстаўляў пракурор Максім Чупрыс, запытвала для Стрыжака пакаранне, да якога яго ў выніку прыгаварылі.

Дзеянні Стрыжака кваліфікаваныя на падставе ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагальніцтва, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры). Максімальнае пакаранне паводле гэтай часткі артыкула — 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Падчас спрэчак 5 лютага адвакат Стрыжака Эдуард Якубоўскі выказаў меркаванне аб залішняй жорсткасці запытанага пакарання. Ён падкрэсліў, што Стрыжак ніколі не вымагаў і не дамаўляўся аб ўзнагароджанні. Адвакат прасіў суд прымяніць да яго падабароннага арт. 77 КК (асуджэнне з адтэрміноўкай выканання пакарання) і прызначыць больш мяккае пакаранне, чым запытаў пракурор.

Стрыжак стаў кіраўніком абласной аховы здароўя ў 2010 годзе, а першы эпізод атрымання хабару датуецца 2014 годам. Паводле версіі абвінавачання, чыноўнік прыняў у выглядзе хабараў прыблізна 40 тысяч долараў. Падсудны прызнаў не ўсе эпізоды, ён таксама не пагадзіўся з канчатковай сумай.

belapan.by