Гарадзенскага рабочага асудзілі да 5,5 гадоў калоніі нібыта за 1200 каментароў



24 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні вынесены прысуд Сцяпану Задойку. Яго асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Справу разгледзела суддзя Маргарыта Ланцэвіч.

Сцяпана асудзілі адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў), ч. 2 арт. 366 (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы, якая выкновае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак).

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына напісаў больш за 1200 каментароў. Паказаныя сілавікамі каментары былі напісаныя пераважна на беларускай мове і ў асноўным накіраваныя на падтрымку Украіны. Усе паказаныя ў праўладным відэа каментары — з ютуба.

вясна