Гарадзенскага юрыста прымусілі звольніцца з-за яго пазіцыі
Юрыста Змітра Салаша з Гародні ўлады прымусілі звольніцца з-за яго грамадзянскай пазіцыі.
Зміцер быў затрыманы падчас антываеннай акцыі яшчэ ў лютым 2022 года, калі ў Беларусі адбываўся рэферэндум:
– На працы з’явілася папера з абласнога УУС. Без суда вінаваты. Ніякай прэзумпцыі невінаватасці. Нібыта з’дзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне. І цяпер юрыстам ты працаваць не можаш. І майму кіраўніцтву быў дадзены загад: або ваша арганізацыя, або ваш юрыст не застаецца працаваць. І канешне, я быў вымушаны звольніцца.
Зміцер распавядае пра ўмовы ўтрымання ў гарадзенскай турме:
– Палова аднаго паверху гарадзенскай турмы адмыслова да 25 лютага зняла нашая „доблесная міліцыя”. Усё было гатова да прыёму. Канешне, бялізны не было. Але матрацы былі і месцаў хапала, таму што, відаць, чакалі больш людзей. У нас нават у чатырохмясцовай камеры мы былі ўтрох. Але якія там могуць быць умовы. Ежа ніякая.
Цяпер Зміцер вырашыў троху пападарожнічаць па свеце, але спадзяецца вярнуцца ў Беларусь, каб паспрабаваць знайсці працу на Радзіме.
Беларускае Радыё Рацыя