60 гадоў гарадзенскаму гісторыку Вячаславу Шведу



Гарадзенскаму навукоўцу, гісторыку Вячаславу Шведу споўнілася 60 гадоў. Ён аўтар дзясяткаў кніжак па гісторыі Гародні. Доўгі час, як выкладчык, прафесар працаваў у Купалаўскім універсітэце. Цяпер, пасля таго, як трапіў пад масавае звальненне беларускіх гісторыкаў з гэтай ВНУ, актыўна супрацуе з польскімі ўніверсітэтамі. Ён аўтар больш дзясятка кніжак пра гісторыю Гародні: сярод якіх — суаўтар вядомай кніжкі «Кронон» і «Гродназнаўства». Цяпер супрацуе з Варшаўскім і Беластоцкім універсітэтамі.

p1240125

Наша радыё завітала да прафесара напярэдадні Дня народзінаў. Нас цікавіла, чаму гісторыя заваявала ягоную душу? Вячаслаў Швед адказаў так:

— Проста прафесійная праца, каб перадаць усе свае веды пра нашу гісторыю нашай моладзі, каб яна лепш разумела сённяшні дзень і добра глядзела ў будучыню.

РР: Калі ў Вас нарадзілася прага да вывучэння гісторыі?

— Гэта было ў дзявятым класе сярэдняй школы №6 Гародні, калі да нас прыйшла выпускніца БДУ Валянціна Іосіфаўна Іванова — таленавіты гісторык і выкладчык. Мяне адразу пацягнула, хоць быў выбар таксама і ў літаратуразнаўства, але я спыніўся на гісторыі, якая мяне больш цікавіла сваімі падзеямі, сваімі людзьмі. Таму я стаў гісторыкам.

РР: Вы шмат гадоў аддалі Гарадзенскаму ўніверсітэту, пасля зыходу адтуль Вы сумуеце па ім?

— Некаторыя кажуць: ну чаго ты туды ходзіш па нейкіх пытаннях, у бібліятэку? Ці не агідна мне туды ісці, бачыць тых людзей? Я падумаў, што гэта ім павінна быць сорамна глядзець мне ў вочы, гэта яны галасавалі супраць мяне. Я, які аддаў больш за 30 гадоў універсітэту, і якому, я думаю, недарэмна далі медаль «Заслужаныя перад універсітэтам» Янкі Купалы ў 2012 годзе. Я заходжу туды з гонарам, там вісіць мой партрэт. Я звязаны з многімі людзьмі, многімі факультэтамі, мае кніжкі стаяць у бібліятэцы. Чаму я не павінен заходзіць туды? Я не сумую па ўніверсітэце.

РР: Якую гістарычную працу з тых, што выйшлі з-пад Вашага пяра ці ў суаўтарстве, вы ацанілі б найвышэйшай адзнакай?

— Думаю гэта быў бы «Кронан. Летапіс горада на Нёмане», а потым ужо «Гродназнаўства». Чаму «Кронан» а не «Гродназнаўства», якое нарабіла тут шмат шуму? Бо «Кронан» — гэта кніжка, якая будзіла іншых гісторыкаў і проста чытачоў, жыхароў горада, да пазнання гісторыі месца, у якім яны жывуць, да пазнання людзей, якія тут жылі. Гэтая кніжка абуджала самасвядомасць жыхароў горада, гарадзенцаў. Варта яе назваць першай маёй своеасаблівай вяршыняй у даследаванні Гародні. Потым, адыходзячы ад гэтай кніжкі, я стаў пісаць больш падрабязную гісторыю горада. Я задумаў гэтую серыю «Мой горад»: выйшлі 3 кніжкі «Горадзен», «Горадня», «Губернскі Гродна», якія я пісаў у суаўтарстве, а таксама і свабодна, сваімі сіламі. Я адмыслова падбіраў спецыялістаў-даследнікаў, хоць мог бы сам напісаць. Мне хацелася, каб гэта зрабілі людзі, што больш ведалі асобны перыяд, асобныя праблемы, асобных людзей нашага горада.

РР: Як вы ацэньваеце тое, што ў Купалаўскім універсітэце не стала гістарычнага факультэту?

— Кепска, бо я прафесіянал-гісторык. Нашу гарадзенскую школу развалілі. Я вучыўся ў БДУ, вучыўся не толькі як студэнт, і ведаю там вельмі многа людзей: спецыялістаў, гісторыкаў, якія лічылі, што гарадзенская школа гісторыкаў у Беларусі наймацнейшая. Нават пасміхаючыся казалі, што менскія гісторыкі тут часта цікавяцца фінансамі, дзе зарабіць, і бегаюць на двух-трох працах, бегаюць і выкладаюць, а гарадзенскія гісторыкі робяць сваю справу, пішуць кніжкі, абараняюць кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.

Сёння, 7 кастрычніка, у Коўне пачынаецца традыцыйны кангрэс даследчыкаў беларусістыкі. Прафесар Вячаслаў Швед прадставіць на кангрэсе даклад «Рэканструкцыя палітычных поглядаў Каліноўскага». У рабочым стале прафесара цяпер ляжаць два грунтоўныя рукапісы, якія чакаюць свайго выдання.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя