Гарадзенскаму паэту Алесю Чобату – 55 гадоў



“Cпадзяюся, што мая дачка прачытае маю кнігу”, – такое пажаданне паэт Алесь Чобат выказаў у дзень свайго 55-годдзя.

Алесь Чобат нарадзіўся 23 жніўня 1959 года ў Скідзелі на Гарадзеншчыне. Трапіў у літаратуру, як сам кажа, пасля таго, як яго звольнілі з пасады інжынера-канструктара. У пачатку 90-х гадоў актыўна дзейнічаў у гарадзенскім БНФ.

Апошняя кніга Алеся Чобата выйшла ў свет 5 гадоў таму. Паўтара года таму ён стаў сляпым і цяпер ужо не піша:

– Я кніжку сабраў цяпер са старых кніг, у мяне аказалася 7 штук плюс тое, што ў кнігі не ўвайшло. Я спадзяюся, што мая дачка ў Кракаве, яна ўжо не маладая, ёй 30 гадоў будзе, мае сваю дачку, мужа, што яна ўсё-такі прачытае маю кніжку.

5 гадоў таму выйшла кніга яго выбранай паэзіі “Калі хочаце мець у Айчыне свабоду”, апрача гэтага Алесь Чобат з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў “Год”, “Новая Гапілея”, “Тутэйшая сага”, “Край мой шчаслівы”. Алесь Чобат таксама перакладаў з польскай мовы творы Чэслава Мілаша.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя