Гарадзенскаму заапарку споўнілася 90 гадоў



Сем гадоў таму на яго плошчы прайшла поўная рэканструкцыя, і цяпер гэта поўнасцю новы аб’ект, які ўключае рэкрэацыйную зону, зону для адпачынку і аглядную, якія памяшаныя між сабой.

Дырэктар гарадзенскага заапарка Алег Жданаў мяркуе, што гісторыя заапарка ўсё ж мае ранейшую гісторыю. Але, усё адно, яна пачалася ў верасні.

– У дваццаць сёмым годзе Ян Каханоўскі стварыў заалагічны аддзел у гімназіі імя Адама Міцкевіча. І гэта было ў пачатку навучальнага года, у 1927-м годзе. Лічыцца, што прабацькам заапарка стаў вось гэты ўчастак ля парка Яна Жылібера. З тае пары, з канца васьмідзясятых гадоў дваццатага стагоддзя, традыцыйна адзначаецца дзень народзінаў заапарка.

У 1929 -м годзе калекцыя заапарка, які быў пераведзены на тэрыторыю былога роварнага трэку, складалася з сямнаццаці відаў жывёлы і птушак. Гэта былі мясцовыя прадстаўнікі фаўны. Цяпер у заапарку тысячы насельнікаў. Заапарк за ўласныя заробленыя грошы набывае новых. Але не ўсе прадстаўнікі фаўны маюць шанец трапіць у Беларусь, бо некаторыя віды падпадаюць пад забарону ветэрынарнай службы.

Але ёсць у заапарку таксама недаробкі: гэта каналы, сланоўнік і акварыум.

Кажа Алег Жданаў:

– Не здадзеныя яшчэ два абʼекты, гэта сланоўнік і акварыум, але ў цэлым заапарк мае азеляненне. Дастаткова ўжо дрэваў і хмызняку. Вынік ужо можна ўбачыць. Найцікавейшае – гэта маленькае патомства яка, гімалайскае медзведзяня, дзяўчынка. Усё развіваецца ў дынаміцы.

І хоць сама вуліца, на якой знаходзіцца заапарк, носіць імя расейскага прыродазнаўцы Клімента Ціміразева, усё ж імя стваральніка заапарка таксама ўганараванае. Вуліца троху збоку названая ў гонар Яна Каханоўскага, а на браме заапарка вісіць шыльда, якая згадвае Яна Каханоўскага.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя