Гарадзенская “Адметнасць”: у такіх умовах працаваць не можам



З-за пастаяннага ціску на краму штрафамі, затрыманнямі і псіхалагічным ціскам гарадзенская  “Адметнасць” спыняе сваю дзейнасць.

Пра гэта паведамляе ўладальніца крамы Вольга Верамеенка:

– Крама зараз у стане закрыцця, бо пасля гэтага ў мяне няма, зразумела, ніякіх фізічных, ні псіхалагічных магчымасцяў там працаваць. Гэта першае. Па-другое, ды і няма ўжо з чым працаваць. За тры вобшукі, якія перажылі мы апошні год са жніўня мінулага года, у нас вынялі рэчаў прыкладна на 4000 даляраў. Зразумела, што ўжо няма чаго прадаваць. Вельмі складана працаваць у гэтых умовах.

Па словах Вольгі Верамеенкі, бліжэйшым часам крама разлічыцца з рамеснікамі і будзе спрабаваць аддаць тавар, які бралі на рэалізацыю:

– Вырашылі прыпыніць працу і ўсе рэчы, якія там у мяне засталіся, я аддаю рамеснікам, разбіраюся. Крама зараз не працуе, і бліжэйшым часам мы працаваць у такіх умовах, зразумела, не будзем. Яшчэ трэба мне сабраць грошы на штраф. Карацей, вельмі шмат пытанняў.

Другі ўладальнік крамы Сяргей Верамеенка з-за пастаяннага ціску і затрыманняў з’ехаў за мяжу і цяпер знаходзіцца ў адной з еўрапейскіх краінаў.

Беларускае Радыё Рацыя