Гарадзенская “Мова нанова” пачынае новы сезон
Наведвальнікаў гарадзенскіх курсаў “Мова нанова” чакае шмат сюрпрызаў. Заняткі пачнуцца 14 верасня і будуць праходзіць кожны панядзелак. Першыя заняткі будуць прысвечаны таму, як студэнты курсаў правялі лета. На гарадзенскія заняткі “Мовы нанова” на працягу курсаў прыязджалі Лявон Вольскі, Юры Жыгамонт, Зміцер Бартосік і іншыя вядомыя асобы Беларусі.
Пра асаблівасці новага сезону распавядае арганізатар курсаў і адміністратар сайта “Мова нанова” Кася Мазалеўская:
– Галоўнай асаблівасцю гарадзенскіх курсаў “Мова нанова” ў гэтым годзе ёсць, перадусім, наш пераезд у новае памяшканне. Цяпер заняткі будуць праходзіць у самым цэнтрыmowa горада, у будынку Дома сувязі. Таксама мы пачынаем курсы для дзетак да 12 гадоў. Таму можна прыводзіць з сабой дзетак ад 4-5 гадоў. Могуць наведваць курсы і дзеткі больш малыя, але тады абавязковая прысутнасць бацькоў. На першыя заняткі прыедзе да нас Руся з яе праектам “Шума”. Мы спадзяемся, што гарадзенцам гэта спадабаецца і яны будуць надалей хадзіць да нас.
Бясплатныя курсы “Мова нанова” адбываюцца ў дзесяці гарадах і ладзяцца з 2014 года. Заняткі наведваюць каля 650 чалавек. У лістападзе 2014 года курсы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю як “Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры “Мова Нанова”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня