Гарадзенская мытня вяртае Паўлу Севярынцу канфіскаваныя кнігі
Гарадзенская мытня вырашыла вярнуць сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Паўлу Севярынцу кнігі кіраўніка КХП-БНФ Зянона Пазьняка.
Яны былі канфіскаваныя 13-га кастрычніка мінулага года падчас вяртання Севярынца з Польшчы – мытня не прапусціла 26 кніг Пазьняка:
– Я атрымаў ліст ад намесніка начальніка гарадзенскай мытні спадара Комлача, дзе ён паведамляе, што сканфіскаваныя ў кастрычніку мінулага года кнігі Зянона Пазьняка ўсе, акрамя адной, будуць мне вернутыя. Бо камісія па экстрэмізме не знайшла ў іх прыкмет экстрэмізма. Кніга „Тэрра Дэй” (Зямля Бога) усё яшчэ знаходзіцца на экспертызе. Дзякуй Богу, што адказ прыйшоў, бо доўга давялося яго дамагацца, дзякуй Богу, што вяртаецца, добра, што адказ па-беларуску прыйшоў – на мове звароту.
З 26-ці забраных кніг уладальніку вернуць толькі 25. Кніга „Тэрра Дэй” дагэтуль знаходзіцца на экспертызе. Кніга Зянона Пазьняка „Тэрра Дэй” (у перакладзе з латыні – „Зямля Бога”) выйшла ў студзені мінулага года і змяшчае фотаздымкі, вершы, эсэ і артыкулы.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск