Гарадзенская „Цудоўня”: Ноў хэйт – джаст эдукэйшан!
На YouTube з’явіўся скандальны ролік блогеркі пад нікам „MY LIFE!!!”, які шмат хто заслужана расцаніў за абразу беларускай мовы.
Прадстаўнікі гарадзенскай „Цудоўні” прапануюць спыніць лаянку і абразы ў адрас @inna_my_life і дапамагчы гэтай жанчыне вырашыць ейныя непаразуменні з беларускай мовай.
Распавядае ўладальнік „Цудоўні” Андрэй Несцяровіч:
– „Цудоўня” прапануе крыху змяніць падыход. Давайце возьмем за слоган “Ноў хэйт – джаст эдукэйшан”, спынем абражаць чалавека і лаяцца на яго. Наадварот – дапаможам вырашыць гэтую праблему. “Цудоўня” заклікае ўсіх неабыякавых далучыцца да флэшмоба #sabakabelaruski і прапанаваць дапамогу ў пазбаўленні жанчыны ад калгаснага акцэнта, стварэння ёй моўнага асяродку, разумення прычын для карыстання беларускай мовай, жывучы ў Беларусі.
Андрэй Несцяровіч разам з „Цудоўняй” гатовы адмыслова для гэтай блогеркі падарыць і даслаць поштай БЯСПЛАТНА для параўнання і агульнага азнаямлення зборнікі прыказак, прымавак ды беларускіх фразеалагізмаў.
– Мы асабіста прапануем ёй азнаёміцца з асартыментам кніжных нашых паліцаў, выбраць сабе любую кнігу з зніжкай 50%. Таксама гатовыя падарыць і даслаць бясплатна поштай для параўнання і агульнага азнаямлення зборнік беларускіх фразеалагізмаў, прыказак і прымавак. І канешне, звярнуць увагу на сайт і сацсеткі “Мова нанова”.
Прадстаўнікі „Цудоўні” таксама прапануюць “Мова нанова” запрасіць блогерку на заняткі у бліжэйшым ад яе населеным пункце.
Беларускае Радыё Рацыя