Гарадзенскі абласны суд адхіліў скаргу Сяргея Ціханоўскага
15 сутак адміністрацыйнага арышту не ўдалося скасаваць праз суд Сяргею Ціханоўскаму ў Гарадзенскім абласным судзе. Суддзя Уладзімір Яўхута прадузята паставіўся да довадаў абароны і не задаволіў хадайніцтва заяўніка. Нагадаем, што арышт Сяргею Ціханоўскаму быў бяздоказна абвешчаны суддзём Ленінскага раённага суда Юрыем Казакевічам, спасылаючыся толькі на меркаванні міліцыянтаў.
Кажа праваабаронца Уладзімір Хільмановіч з Гародні:
– Вынік гэтай скаргі быў прадказальны. На жаль, пацвердзіліся горшыя чаканні. Да ўсяго, акрамя пададзенай ад імя адваката скаргі для Сяргея Ціханоўскага, было заяўлена хадайніцтва пра тое, каб забяспечыць прысутнасць і магчымасць удзелу праз відэасувязь самога Сяргея Ціханоўскага на разглядзе гэтай скаргі ў абласным судзе. Аднак суддзя Уладзімір Яўхута адхіліў гэтае хадайніцтва. Ён сказаў, што цяпер не прадстаўляецца гэта тэхнічна магчымым.
Прысутных у судзе здзівіў такі спосаб адхілення хадайніцтва Сяргея Ціханоўскага, бо на папярэднім паседжанні суда Ленінскага раёна – такія тэхнічныя магчымасці былі праз скайп. Сяргей Ціханоўскі да гэтай пары застаецца вязнем следчага ізалятара ў Менску.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя