Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу Юрыя Глебіка
22 снежня Гарадзенскі абласны суд прадказальна не задаволіў касацыйную скаргу свіслацкага грамадскага актывіста Юрыя Глебіка.
Удзельнік Дня памяці паўстанцаў 1863 года аспрэчваў пастанову галоўнага суддзі Свіслацкага раёну Аляксандра Шыліна, які 19 лістапада аштрафаваў грамадскага актывіста на 25 базавых велічынь.
Мерапрыемства ладзілася сёлета 31-га кастрычніка з удзелам каля сотні чалавек і прысутнасцю міліцыянтаў. Але тыя ў Свіслачы ніякіх заўвагаў да прысутных не мелі, кажа Юры Глебік:
– Я сказаў, што такое мерапрыемства, як ушанаванне продкаў, мусіць праходзіць на дзяржаўным узроўні, а не толькі сіламі грамадскасці. На жаль, дзяржава нічога не робіць, таму гэтым мусіць займацца грамадства. Адміністрацыйнае парушэнне я не прызнаў. Прызнаў удзел ва ўскладанні кветак, запальванні знічак, наведванні помнікаў нашых герояў. Але тое, што мерапрыемства было несанкцыянаванае, я не прызнаў. Бо браць дазвол на такія мерапрыемствы, як ушанаванне памяці, – гэта абсурд.
Юры Глебік плануе абскарджваць судовае рашэнне ў судах вышэйшых інстанцый, актывіст не лічыць сябе вінаватым.
* * *
Удзельнік Дня памяці паўстанцаў 1863 года аспрэчваў пастанову галоўнага суддзі Свіслацкага раёну Аляксандра Шыліна, які 19 лістапада аштрафаваў грамадскага актывіста на 25 базавых велічынь.
З залы суда перадае праваабаронца Віктар Сазонаў:
– Свіслацкі суд абвінаваціў Юрыя Глебіка ў правядзенні несанкцыяванага мерапрыемства, прысвечанага Дню памяці паўстанцаў 1863 года, і аштрафаваў яго. З такім прысудам актывіст не пагадзіўся і падаў скаргу ў абласны суд. Я, як праваабаронца, адразу магу сказаць, што гэты суд завершыцца не на карысць Глебіка, такія працэсы мы лічым палітычна матываванымі. Як паказвае практыка, у такіх працэсах абласныя суды становяцца не на бок тых людзей, якія шукаюць у іх сценах праўды, а становяцца на бок тых інстанцый, якія асудзілі чалавека.
Суддзя абласнога суда Уладзімір Яўхута падышоў да разгляду скаргі фармальна і пасля абвешчання кароткага перапынку не задаволіў яе.
Напомнім, што за прысутнасць на традыцыйным Дні памяці паўстанцаў, які прайшоў 31 кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы, былі таксама аштрафаваныя Віктар Сазонаў, Эдвард Дмухоўскі, Уладзімір Хільмановіч, Вітольд Ашурак. Яны таксама склалі скаргі ў Гарадзенскі абласны суд. Іх разгляд пройдзе ўжо ў новым годзе.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня