Гарадзенскі аблсуд вынес больш жорсткае пакаранне Мікіту Самарыну
Гарадзенскі абласны суд 25 сакавіка вынес новы прысуд 29-гадоваму Мікіту Самарыну — два з паловай гады пазбаўлення волі замест прызначаных раней чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у калонію адкрытага тыпу. Сума кампенсацыі пацярпеламу амапаўцу павялічаная з 500 да 2.000 рублёў.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”, справу Самарына 23 сакавіка разгледзела судовая калегія ў складзе суддзяў Андрэя Ліхача, Уладзіміра Яўхуты і Валерыя Раманоўскага.
Першы прысуд вынес Самарыну 11 снежня мінулага года суд Кастрычніцкага раёна Гародні. Яго прызналі вінаватым у гвалце над міліцыянерам Сяргеем Білідам, які атрымаў апёкі вачэй у выніку распылення газу з балончыка.
Інцыдэнт здарыўся 25 жніўня. Некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў прадпрыемства „Гродна Азот” затрымалі па шляху з працы ў цэнтр горада. Прыблізна 500 гродзенцаў прыйшлі да ізалятара падтрымаць іх. Калі ўсіх азотаўцаў выпусцілі, людзі сталі разыходзіцца. У дварах пачалі затрымліваць людзей супрацоўнікі ў цывільным. Падчас аднаго з затрыманняў нехта распыліў газ. Вінаватым у гэтым прызналі Самарына.
Фота hrodna.life