Гарадзенскі актывіст шукае аўтараў паклёпу



Вадзім Саранчукоў чакае адказ на сваю скаргу на дзеянні гарадзенскага тэлебачання, якое паказала ў сваім эфіры прапагандысцкі фільм, які зневажаў годнасць і гонар актывіста, а таксама яго сям’і. Фільм выйшаў без аўтарства.

Актывіст кажа, што спрабуе выявіць аўтараў з дапамогай міліцыі і пракуратуры:

– Я атрымаў тры адказы з розных інстанцый, сітуацыя выглядае такім чынам, што ніводная з інстанцый, якія мне адказалі, не хоча браць на сябе адказнасці. Напрыклад, абласная пракуратура спусціла маю скаргу на гарадскую пракуратуру для рэагавання, гарадская пракуратура раздзяліла гэтую скаргу на часткі. Адна частка была накіравана ва ўпраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама, гэтая частка тычылася з’яўлення ў распараджэнні тэлеканала відэа вельмі падобнага да аператыўных здымак супрацоўнікаў міліцыі.

Упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама перанакіравала сваю частку скаргі для разбіральніцтва ў Ленінскі РАУС. 

Паводле закона аб зваротах грамадзян, канчатковы адказ Вадзім Саранчукоў павінен атрымаць на працягу 15-ці дзён. Яго зварот быў зарэгістраваны 29-га красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня