Гарадзенскі Чырвоны Крыж выдае ўцекачам з Украіны ваўчары
Найбольш істотную дапамогу ўцекачам з Украіны на Гарадзеншчыне ажыццяўляе абласное аддзяленне Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Праца пачалася ў ліпені 2014 года і з кожным месяцам прымае новыя формы.
Чырвоны Крыж збірае цёплую вопратку і фінансавыя сродкі для ўцекачоў. Акрамя гэтага, праводзіцца маніторынг сітуацыі, які сведчыць пра тое, што ў арганізацыі Чырвонага Крыжа па ўсёй вобласці штотыдзень звяртаецца прыкладна 100 чалавек.
На думку сакратара Ганаровага консульства Украіны ў Гародні Вікторыі Рыжыкавай, без дапамогі Чырвонага Крыжа сітуацыя выглядала б складаней:
– Ваўчары выдаюцца гэтым уцекачам, на жаль катэгорыі якім могуць выдаць гэтыя ваўчары, яны абмежаваныя. У першую чаргу – гэта інваліды, шматдзетныя сем’і і самотныя маці. Ваўчары выдаюцца на прадукты і вопратку.
Дапамогу ўцекачам з Украіны ажыццяўляюць таксама і жыхары Прынёмання, якія звяртаюцца ў Ганаровае консульства, перадаючы рэчы і прадукты харчавання. Пэўны час у гэтым накірунку актыўна працавалі валанцёры, аднак цяпер праца запаволілася ў сувязі з адсутнасцю памяшкання для захоўвання дапамогі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня