Гарадзенскі дзіцячы хоспіс «Малюе веды»
Дабрачынная акцыя пад назвай “Малюем веды” адбудзецца ў Гарадзенскім парку Жылібера 19-га верасня ў рамках Дня горада. Арганізатарам выступае гарадзенскі дзіцячы хоспіс. Для інтэграцыі дзетак з дзіцячага хоспісу з іншымі гарадзенскімі дзеткамі будуць адначасова працаваць пяць розных пляцовак, дзе інтэграцыя будзе адбывацца з дапамогай малявання.
Пра акцыю распавядае дырэктарка гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга:
– Асноўнай ідэяй мы ўзялі працэс малявання ведаў. Ён будзе весціся ў розных кірунках. Нехта будзе рабіць гэта на сваіх далонях, нехта – на мальберце. Мы запрасілі двух святароў – праваслаўнай і каталіцкай царквы, каб яны благаславілі дзяцей на новы навучальны год.
Гарадзенскі дзіцячы хоспіс дзейнічае у горадзе ўжо сем гадоў. Пад яго апекай знаходзяцца 76 сем’яў з цяжка- і невылечна хворымі дзецьмі. Работнікі і валанцёры актыўна працуюць з сем’ямі, супрацоўнічаюць з замежнымі партнёрамі, а ў мінулым годзе нават паставілі з дзецьмі свой мюзікл.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота news.tut.by