Гарадзенскі дзіцячы хоспіс пазбаўляюць памяшкання
15 снежня ў Эканамічным судзе Гарадзенскай вобласці вынеслі рашэнне пра скасаванне дамовы арэнды. Суддзя Эдуард Кароль часткова задаволіў пазоў Камбіната школьнага харчавання (КШП) Ленінскага раёна да Гарадзенскага дзіцячага хоспіса.
Ілюстрацыйнае фота.
Па рашэнні суда, з хоспісам датэрмінова скасаваны дагавор, паведамляе hrodna.life. Арганізацыю прымусяць вызваліць памяшканні і аплаціць судовыя выдаткі КШП у памеры 1080 рублёў. Штраф 1671,57 рублёў (сума арэнды за тры месяц) за нявыплату арэнды плаціць не прыйдзецца — суддзя адмовіў у гэтым пазоўніку.
Дагавор будзе скасаваны пасля ўступленне рашэння ў сілу — праз 15 дзён. Ці будзе рашэнне абскарджана, пакуль невядома.
Днём раней, 14 снежня, справу спрабавалі разгледзець у рамках працэдуры прымірэння. Але да згоды боку ні па адным з пунктаў не прыйшлі.
На судовым разглядзе 15 снежня КШП падтрымаў пазоў у поўным аб’ёме: датэрмінова скасаваць дамову, вызваліць памяшканні і аплаціць штраф на падставе ўмоў дамовы.
Абаронца з боку хоспіса настойвала: выраб масак і шчыткоў уваходзіць у паняцце паліятыўнага патранажу, то бок статутнай дзейнасці арганізацыі. А мэты выкарыстання памяшкання пры складанні дагавора вусна агаварылі з ранейшым уладальнікам. Да рэарганізацыі памяшканнем валодаў КШП Кастрычніцкага раёна.
Што тычыцца скасавання дамовы за нявыплату, то па законе КШП павінен быў накіраваць хоспісу папярэджанне і даць час на выплату. Гэтага КШП не зрабіў. Па словах прадстаўніка хоспіса, пытанне аплаты зараз вырашаецца з Гарадзенскім гарвыканкамам. Раней старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой абяцаў аплаціць арэнду памяшкання за кошт горада.
«Гарадзенскі дзіцячы хоспіс» — грамадская дабрачынная арганізацыя, у якой ёсць спецыялісты, што працуюць з падапечнымі сем’ямі ў розных напрамках. Гэта падтрымка цяжкахворых дзяцей і іх бацькоў і ў псіхалагічным, і ў юрыдычным плане, а таксама тут праходзяць розныя рэабілітацыйныя мерапрыемствы. Дзіцячы хоспіс не можа аказваць медыцынскія паслугі, аднак можа ініцыяваць збор ахвяраванняў на патрэбы дзіцяці, таксама тут займаюцца сацыялізацыяй дзяцей — у хоспісе арганізаваны творчыя майстэрні і праходзяць розныя мерапрыемствы.
15 кастрычніка ў адным з двароў у мікрараёне Альшанка падчас дабрачыннай сустрэчы з прадстаўнікамі Гарадзенскага дзіцячага хоспіса была затрыманая дырэктар Вольга Вялічка. Яна правяла суткі ў ІЧУ, была аштрафаваная на 15 базавых за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, які праходзіў 6 верасня ў абласным цэнтры, а пазней была вымушана з’ехаць за мяжу.
22 кастрычніка ў хоспіс прыйшлі супрацоўнікі ДФР. У памяшканні, якое размяшчаецца на вуліцы Гагарына, яны запатрабавалі адкрыць усе пакоі. У пратаколе агляду было напісана, што праводзіцца праверка «ў дачыненні да службовых асоб Гарадзенскага дзіцячага хоспіса па фактах заніжэння падаткаабкладальнай базы і ўхілення ад выплаты сум падаткаў».