Гарадзенскі дзіцячы хоспіс працягвае працу
Гарадзенскі дзіцячы хоспіс імя Святога Губерта ўжо год працуе на новым месцы.
Па словах псіхолага хоспіса Марыі Бразінскай, па дапамогу працягвае звяртацца некалькі дзясяткаў сем’яў:
– Хоспіс дапамагае дзецям ужо 12-13 гадоў. Так, ёсць цяжкасці з тым, што быў ковід і шматлікія бацькі баяліся прыязджаць. Да таго ж яшчэ цяжка, што цяпер адсутнічае дырэктар па вядомых прычынах. Часта бывае, што тыя пытанні, якія магла вырашыць дырэктар, рашаюць супрацоўнікі.
Па словах Марыі Бразінскай, супрацоўнікі надалей падтрымліваюць сувязь з дырэктаркай Вольгай Вялічка:
– Мы стэлефаноўваемся, у нас ёсць пяцімінуткі, дзе мы абмяркоўваем, колькі дзяцей за тыдзень наведалі, колькі прыехала ў хоспіс, якія праблемы ў дзяцей і чым мы можам ім дапамагчы. Таму што ўзнікаюць пытанні не толькі з заняткамі, як у шматлікіх бацькоў, а з медыкаментамі, памперсамі.
Кіраўнічка хоспіса Вольга Вялічка з’ехала з Беларусі пасля амаль штодзённых праверак з боку праваахоўных органаў і крымінальнай справы ў адносінах да яе. Цяпер яна кіруе арганізацыяй з-за мяжы.
Беларускае Радыё Рацыя