Гарадзенскі дзіцячы хоспіс завяршае працу над праектам „Светаяньнік”
Прадстаўнікі гарадзенскага дзіцячага хоспіса падводзяць вынікі пілотнага праекта „Светаяньнік”. Падчас яго прадстаўнікі хоспіса атрымалі вопыт стварэння адаптыўнага адзення для дзяцей, якія маюць асаблівасці будовы цела з-за сваёй хваробы. Хоспіс рыхтуецца да паказу калекцыі і стварае каталог з надзеяй, што ідэю падхопяць ініцыятыўныя людзі і прадпрыемствы.
Гаворыць каардынатарка праекту Валянціна Апановіч:
– Мы стварылі калекцыю адзення для мам дзетак, якія знаходзяцца пад нашай апекай, каб павіншаваць іх з днём маці. Крыху праект затрымаўся. На гэты час адзенне пашытае і знаходзіцца ў бацькоў. 10 камплектаў для дзяцей. Для дзяцей мы рабілі блузкі, нагавіцы, спадніцы і верхнюю вопратку. Для бацькоў – гэта сукенкі, спадніцы, блузкі і паліто.
Падчас працы над праектам “Светаяньнік” прадстаўнікі гарадзенскага дзіцячага хоспіса сутыкнуліся з цяжкасцямі і праблемамі, – кажа дырэктарка хоспісу Вольга Вялічка.
– Былі не вельмі добрыя моманты, адзін з іх – гэта тое, што нам адмовілі ва ўдзеле ў “Гродна фэшэн увік”, таму што гэта не з’яўляецца фарматам іх мерапрыемства. Мы насамрэч лічым, што такое адбывацца не павінна, таму што людзі з абмежаваннямі, людзі з інваліднасцю павінны ўдзельнічаць ва ўсялякіх мерапрыемствах, яны паўсюль павінны інтэгравацца ў сацыяльнае жыццё і гэта павінна залежыць толькі ад іх жадання.
На дадзены момант прадстаўнікі праекту шукаюць 10 людзей на інвалідных калясках, якія гатовыя паказаць калекцыю “Светаяньніка” на лепшых пляцоўках Гародні і Менска.
Беларускае Радыё Рацыя