Валер Юдзін: З пратаколам я нязгодны, але атрымаў штраф 15 базавых (абноўлена)



Штраф 15 базавых велічыняў, 435 беларускіх рублёў, прысудзіў суддзя Віталь Лабоцкі ў Кастрычніцкім судзе Гародні фатографу- фрылансеру Валерыю Юдзіну. Фатограф атрымаў гэты штраф за сцяжок у машыне і налепку.

Кажа сам Валер Юдзін:

– Нязгодны, але ж што  рабіць? Прыйдзецца карыстацца тым, што ёсць. Вось і ўсё, што можна сказаць.

РР: Ці збіраецеся абскарджваць яго?

– Я пакуль не ведаю, ці ёсць у гэтым сэнс. Буду думаць пакуль, трэба ўсе думкі прывесці ў парадак і тады ўжо штосьці канкрэтнае казаць. Але ж з пратаколам я, зразумела, нязгодны.

Валер чакаў, што пасля суду яму аддадуць тэлефон, але гэтага не атрымалася:

– Не аддалі. У пастанове ён вынес, што  трэба аддаць, але ж пастанова ў законную моц уступае толькі праз 10 дзён, таму такая вось калізія. Або плаці штраф і забірай, або чакай 10 дзён.

Валер Юдзін быў затрыманы 22 красавіка і амаль двое сутак правёў за кратамі, дома ў яго быў агляд і забралі яшчэ адзін бел-чырвона-белы сцяжок. Падчас суду фатограф спрабаваў даказаць сваю невінаватасць, але суддзя не прыняў да ведама яго заўвагі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча