Гарадзенскі хоспіс працуе нягледзячы на цяжкасці



Акцыя з запрашэннем валанцёраў і ўручэннем падарункаў дзецям адбылася на базе гарадзенскага дзіцячага хоспісу 28-га траўня.

Некалькі дзясяткаў дзетак, якімі апякуецца хоспіс, танчылі, малявалі і забаўляліся, а таксама атрымалі розныя падарункі. Пра працу хоспісу кажа  псіхолаг хоспіса Марыя Бразінская:

– У хоспісе ў нас усё добра, мы працягваем працаваць нягледзячы на ковід, нягледзячы на сітуацыі, якія ўзнікалі. У нас працуе шмат спецыялістаў. Сёння мы правялі мерапрыемства, дзе мы пасля доўгай перадышкі адкрылі дзверы валанцёрам. Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час іх стане яшчэ больш, чым у дадзены момант.

Па словах намесніцы дырэктаркі хоспісу Ірыны Ламека, супрацоўнікам хоспісу прыйшлося сутыкнуцца за апошнія паўгады з рознымі цяжкасцямі:

– Усіх бацькоў выклікалі, апытвалі, але бацькі ад нас не адвярнуліся. Наадварот, мы сталі больш згуртаванай камандай. Жоўтая прэса дзейнічае на нашу карысць, а не на іх. Хто былі засталіся і яшчэ ідуць да нас дзеці. 

Нагадаем, што ў мінулым годзе на базе хоспісу працавала майстэрня па пашыву камбінезонаў для лекараў, а з-за пандэміі і праблем з уладамі хоспісу прыйшлося пакінуць былое памяшканне на вуліцы Гагарына. Дырэктарка хоспісу Вольга Вяліцка была вымушана з’ехаць за мяжу.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча