Гарадзенскі хоспіс працуе нягледзячы на цяжкасці
Акцыя з запрашэннем валанцёраў і ўручэннем падарункаў дзецям адбылася на базе гарадзенскага дзіцячага хоспісу 28-га траўня.
Некалькі дзясяткаў дзетак, якімі апякуецца хоспіс, танчылі, малявалі і забаўляліся, а таксама атрымалі розныя падарункі. Пра працу хоспісу кажа псіхолаг хоспіса Марыя Бразінская:
– У хоспісе ў нас усё добра, мы працягваем працаваць нягледзячы на ковід, нягледзячы на сітуацыі, якія ўзнікалі. У нас працуе шмат спецыялістаў. Сёння мы правялі мерапрыемства, дзе мы пасля доўгай перадышкі адкрылі дзверы валанцёрам. Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час іх стане яшчэ больш, чым у дадзены момант.
Па словах намесніцы дырэктаркі хоспісу Ірыны Ламека, супрацоўнікам хоспісу прыйшлося сутыкнуцца за апошнія паўгады з рознымі цяжкасцямі:
– Усіх бацькоў выклікалі, апытвалі, але бацькі ад нас не адвярнуліся. Наадварот, мы сталі больш згуртаванай камандай. Жоўтая прэса дзейнічае на нашу карысць, а не на іх. Хто былі засталіся і яшчэ ідуць да нас дзеці.
Нагадаем, што ў мінулым годзе на базе хоспісу працавала майстэрня па пашыву камбінезонаў для лекараў, а з-за пандэміі і праблем з уладамі хоспісу прыйшлося пакінуць былое памяшканне на вуліцы Гагарына. Дырэктарка хоспісу Вольга Вяліцка была вымушана з’ехаць за мяжу.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча