Гарадзенскі хоспіс збірае грашовую дапамогу
Гарадзенскі хоспіс збірае грошы на сэнсарны пакой.
Для збору дапамогі невылечным дзеткам, якімі апекуецца гарадзенскі дзіцячы хоспіс, звярнуліся да новых тэхналогій. Гэтым разам з дапамогай краудфандынгу ўжо сабралі 30% патрэбнай сумы для стварэння дзіцячага сэнсарнага пакою, у якім дзеці з асаблівасцямі змогуць бавіць час. Для стварэння такога пакоя патрэбна 35 мільёнаў беларускіх рублёў.
Расказвае ініцыятар акцыі Ганна Ждановіч:
– Усяго ў нас на дадзены момант 76 сем’яў, якія патрабуюць дапамогі. Гэты пакой у асноўным арыентаваны на дзяцей, якія маюць шматлікія парушэнні. Я займаюся з дзецьмі ў гэтым пакоі, развіваю іх здольнасці, іх навыкі. Тым самым мы палепшым якасць іх жыцця.
Дырэктар Гарадзенскага дзіцячага хоспісу Вольга Шульга:
– Для дзяцей са шматлікімі парушэннямі развіцця ў Гародні ўмоваў фактычна няма. Ёсць на базе карэкцыйнага цэнтра пэўная колькасць заняткаў для такіх дзяцей. Мы б хацелі для ўсіх тых дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай Гарадзенскага хоспіса, такі сэнсарны пакой стварыць, каб у іх была магчымасць развівацца. Фізічнае развіццё іх развіваць, псіхічнае развіццё развіваць, тым самым дапамагаць не толькі дзецям, але і іх бацькам.
Аказаць дапамогу гарадзенскаму дзіцячаму хоспісу можна падчас акцыі “Лета добрых справаў”, якая працягнецца. У межах акцыі ўжо працуе тэлефонная лінія па зборы сродкаў для цяжка і безнадзейна хворых дзетак, а таксама можна набыць рэчы ў некаторых гарадзенскіх крамах, якія адзін працэнт ад продажу пералічваюць на рахунак хоспіса.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня