Цімох Штароў: Па нас хадзілі і рабілі з намі ўсё, што хацелі
Музыку з Гародні Цімоху Штарова затрымалі каля кавярні “Панарама” 10 жніўня, калі ён хаваўля ад залевы. Сваё затрыманне ён апісвае як нейкі жах:
– То бок, нам нічога не выставілі, ніякіх абвінавачванняў. Набег натоўп АМАПу, перавярнуў сталы. І нас сталі збіваць. У многіх маіх знаёмых чэрапна-мазгавыя траўмы. Мне пашанцавала крыху больш. Мяне скруцілі жорстка, але дзякуй Богу, без сур’ёзных траўмаў. Пасадзілі ў аўтазак “мордай у падлогу”, думаю, вы далей гэтую працэдуру ведаеце, – па нас хадзілі і рабілі з намі ўсё, што хацелі.
Пасля Ленінскага РАУСа на вуліцы Дубко хлопца завезлі ў турму, а пасля этапавалі адседжваць суткі ў Ваўкавыск:
– Нас завезлі на Кірава ў ІЧУ. Там нас сустрэлі супрацоўнікі турмы. Нас сустрэлі таксама не з пернікамі. Псіхалагічна папалохалі: сабакі, пражэктары. Палохалі электрашокам. Пасля чаго нас пасадзілі ў ШІЗА. Мы ўсе стаялі, бо не было магчымасці нават сесці на кукішкі. І праз некаторы час нас сталі разводзіць па камерах. Нас было чацвёра ў двухмеснай камеры. Два ложкі металічныя без матрацаў. Адпаведна, спалі мы па чарзе. Каля 12 гадзін наступнага дня быў суд – такі канвеер. Нас выклікалі па адным і працэс ішоў каля пяці хвілін.
У аўтазаку, які адвозіў маладзёна ў Ваўкавыск, напхалі больш за 20 чалавек, і людзям прыходзілася ехаць стоячы, але на ўмовы ўтрымання ў арэстным доме Ваўкавыску Цімох Штароў не скардзіцца.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня