Гарадзенскі прэс-клуб ад кампаніі “Будзьма беларусамі”



Два дзясяткі прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый і журналістаў розных выданняў дыскутавалі ў гарадзенскім цэнтры “Партал” пра тое, як сацыяльная актыўнасць гарадзенцаў адлюстраваная ў медыя. Арганізатарам сустрэчы была кампанія “Будзьма беларусамі”, і Гародня стала чацвёртым горадам, дзе адбылася падобная сустрэча.

Кажа рэдактар выдання Hrodna.life Аляксей Шота:

– Такія сустрэчы, безумоўна, патрэбныя. Хоць па складзе ўдзельнікаў нібы ўсіх ведаеш, не так шмат новых людзей. З усімі неяк працаваў, меў супрацу раней ці цяпер. Але заўсёды ў час дыскусіі, размовы ці перапынку на каву ўзнікае нейкая новая ідэя, новая прапанова. З кімсьці даўно не бачыўся, пра цябе забылі, а зараз нагадалі. То бок, гэта пляцоўка папросту для сустрэч, што вельмі важна.

На думку рэгіянальнага каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі” Насты Дашкевіч, гарадзенская сустрэча была адрозная ад сустрэч у іншых рэгіёнах Беларусі.

– На Гарадзеншчыне мы бачым, што ёсць яскравыя шэф-рэдактары, якія, на мой погляд, могуць быць цікавымі для менскіх рэдактараў. Гэта не проста рэгіянальны міжсабойчык, а сустрэча добрага ўзроўню, высокага прафесіяналізму. Людзі дасведчаныя, вельмі цікавыя. І мне падаецца, што такія сустрэчы карысныя тым, што актывісты бачаць, што патрэбна медыя, а медыя бачаць, што неабходна актывістам. І я спадзяюся, што іх супраца будзе паляпшацца.

На сустрэчы быў прадстаўлены цэлы спектр гарадзенскіх арганізацый: ад “ВелаГродна” да Гарадзенскага дзіцячага хоспіса. Ад СМІ прысутнічалі журналісты толькі незалежных выданняў.  

Беларуская Радыё Рацыя, Гародня