Гарадзенскі прыпынак з двума крыжамі
Аддаленыя гарадскія прыпынкі часам здзіўляюць сваёй экзатычнасцю і непаўторнасцю. Гарадзенскі прыпынак на вуліцы Пучкова, што на ўскрайку гораду, быў збудаваны некалькі дзесяцігоддзяў таму. З таго часу да яго нікому няма справы – гэты стары паўразбураны прыпынак належна не абароніць вас ад дажджу і ветру. Занядбаны прыпынак некалі быў канцовым на маршруце аўтобусу №14. Але з таго часу горад разбудаваўся і зараз маршрут гэтага аўтобусу падоўжыўся яшчэ на два прыпынкі.
Што цікава, побач з прыпынкам размешчаны два крыжы – праваслаўны і каталіцкі з шыльдачкай па-польску. Яны пакліканы бараніць спакой жыхароў гэтага мікрараёну. Сам прыпынак, некалі абшыты дошкамі, у дзірах і стракаціць разнастайнымі напісамі, пераважна непрыстойнага зместу.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара