„Гарадзенскі скарабей” чакае наведнікаў



Выстава-кірмаш прадметаў даўніны і прадметаў калекцыянавання пройдзе ў Гародні 19 і 20 траўня. Да прадстаўлення сваіх калекцый рыхтуюцца: нумізматы, філатэлісты, а таксама тыя, хто збірае розныя прадметы даўніны.

Пра будучую выставу распавядае Віктар Какарэка, кіраўнік гарадзенскага таварыства калекцыянераў “Скарабей”:

– Калекцыянеры-чальцы народнага клуба калекцыянераў “Скарабей” выходзяць на плошчу Савецкую, выносяць сталы, раскладаюць свой калекцыйны матэрыял, каб паказаць яго жыхарам ды гасцям горада. Трэба распавесці чым нашы калекцыянеры могуць з імі падзяліцца, прадаць, паказаць.

Віктар Какарэка кажа, што замежныя турысты, якія прыязджаюць у Гародню па безвізаваму рэжыму, баяцца набываць прадметы для сваіх калекцый:

– Такая масавая плынь турыстаў ідзе, якія з задавальненнем разглядаюць, распытваюць. Літоўцаў на дзіва больш цікавіць савецкая сімволіка разнастайная, дробныя значкі ды іншыя прадметы. Палякі вельмі асцярожныя. Яны прыязджаюць, глядзяць, могуць узяць у рукі, паглядзець колькі каштуе, але бяруць мала, бо баяцца мяжы.

Гарадзенскія калекцыянеры запрашаюць на кірмаш–выставу збіральнікаў з іншых гарадоў. За мінулы год на падобных выставах можна было ўбачыць збіральнікаў з Менску, Бабруйску, Ліды ды іншых гарадоў Беларусі, а таксама з Літвы ды Украіны.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня