Гарадзенскі журналіст Андрэй Фралоў затрыманы на 72 гадзіны
Гарадзенскі журналіст Андрэй Фралоў затрыманы на 72 гадзіны, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).
Фралова затрымалі 4 траўня ў Бярозаўцы (Лідскі раён, Гарадзенская вобласць), зараз ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Лідзе. Абставіны затрымання невядомыя. Першапачаткова паведамлялася, што журналіста вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі. 5 траўня родным паведамілі ў ІЧУ, што Фралоў затрыманы на 72 гадзіны.
У ІЧУ таксама адмовіліся прыняць перадачу для журналіста, патлумачыўшы, што „для палітычных перадачы не прымаюцца”.
Андрэй Фралоў супрацоўнічае з рознымі медыя, у тым ліку польскім тэлеканалам TVP Polonia.
„БАЖ рашуча пратэстуе супраць затрымання калегі. Журналісты не злачынцы!” — падкрэсліваецца ў паведамленні арганізацыі.
