Гарадзенскі журналіст працягвае змаганне за акрэдытацыю



Гарадзенскі сябра БАЖ Вітаўт Парфёненка працягвае змаганне за акрэдытацыю праз суд. Пасля  таго, як ён сем разоў атрымаў адмовы у акрэдытацыі  ад Міністэрства замежных спраў як журналіст замежнага СМІ, ён вырашыў перайсці да змагання ў судовых інстанцыях.

Parfionenka

Журналіст ужо некалькі месяцаў таму атрымаў з Ленінскага суда Менска дакументы з адмовай у разглядзе скаргі на Міністэрства замежных спраў. І цяпер ён напісаў скаргу старшыні Менскага гарадскога суда.

Расказвае Вітаўт Парфёненка:

– У сваёй скарзе прашу вызначэнні, якія былі прынятыя Ленінскім раённым судом Менска, а таксама судовай калегіяй адмяніць і перадаць справу да разгляду судом першай інстанцыі для таго, каб мець нейкія прававыя стасункі ўзаемадзеяння з МЗС. Я атрымоўваю толькі адмовы ў акрэдытацыі і хачу вызначыць у чым прычына, чаму і на якой падставе мне адмаўляюць.

Да сваёй справы Вітаўт Парфёненка неаднаразова дакладае копію мяркавання камітэта па правах чалавека стасоўна справы Марыны Коктыш,  якая выйграла супраць Беларусі па падобнай справе. Журналіст  плануе давесці некалькі год змагання за акрэдытацыю да лагічнай кропкі: даведацца, на якой падставе яму адмаўляюць у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня