Журналіст-фрылансер заяўляе пра забарону на прафесію
“Гэта чарговая забарона на прафесію”, – так журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка пракаментаваў дзеянні гарадзенскага чыноўніка. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і справаў моладзі Гарадзенскага абласнога выканкаму Аляксандр Вярсоцкі не дазволіў журналісту рабіць аўдыёзапісы на адкрыцці выставы “Музей шакаладу” ў мясцовым гісторыка-археалагічным музеі.
“Вярсоцкі спаслаўся на тое, што ў мяне няма акрэдытацыі,” – распавядае журналіст:
– Ён папрасіў пасведчанне журналіста. Я паказаў пасведчанне БАЖ, на што той адказаў, што ён “такіх пасведчанняў можа намаляваць шмат” і папрасіў пакінуць памяшканне музею, дзе гэтая выстава адбывалася. Я лічу, што гэта насамрэч чарговая забарона на прафесію.
«Для таго, каб атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, не патрэбная акрэдытацыя», – падкрэслівае Андрэй Мялешка і заяўляе, што гарадзенскія чыноўнікі чарговы раз парушаюць яго канстытуцыйнае права.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя