Гарадзенскіх актывістаў пераследуюць за нацыянальны сцяг



Ці можа свабода перакананняў у Беларусі быць утаптаная ў бруд? Так, можа. У гэтым пераканаліся Сяргей і Вольга Верамеенкі, якія за фотаздымкі, дзе яны стаялі з разгорнутымі нацыянальнымі сцягамі, уцягнуты ў адміністрацыйны працэс.

Кажа Вольга Верамеенка:

– Я нават не разумею, што адбылося. Мо сумна было таму следчаму, які маніторыў інтэрнэт у пошуку фотаздымкаў? Можа ў яго больш спраў ніякіх няма? Я ўвогуле не разумею, чаму я не магу размясціць фота са сваім сцягам. І з гэтага робяць нейкае пікетаванне. Гэта не ўкладваецца ў маёй галаве.

Гэта было фатаграфаванне ў падтрымку Васіля Палякова, якога пасадзілі за тое, што той разгарнуў нацыянальную сьвятыню.

Абвінавачванне Верамеенкаў, што фатаграфуючыся са сьцягам яны нібыта правялі адначасова пікет, – яшчэ трэба даказаць. Абураны такім абвінавачваннем Сяргей Верамеенка:

– Гэта была, насамрэч, агульная кампанія ў падтрымку Васіля Палякова. Фатаграфаваліся не толькі мы, фатаграфаваліся і іншыя людзі. Магчыма яшчэ супраць кагосьці будзе падобны ціск. Фотаздымкі, якія я выкладваў, прайшлі кампутарную апрацоўку. Хай ходзяць і даказваюць, што гэта арыгінал і ўсё так і было.

Пратакол адміністрацыйнага правапарушэння складаў лейтэнант міліцыі Казлоўскі па даручэнні вядомага ў асяроддзі нацыянальных актывістаў старэйшага лейтэнанта Вайцешкі. Суд над мужам і жонкай Верамеенкамі мае адбыцца 25-га траўня, а 9-й гадзіне раніцы ў Ленінскім раённым судзе Гародні.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота facebook і аўтара