Вялізныя адміністрацыйныя штрафы за Свіслацкі фэст (абноўлена)
Вялізныя адміністрацыйныя штрафы наклаў на нацыянальных актывістаў Уладзіміра Хільмановіча, Віктара Сазонава і Сяргея Верамеенку суддзя ленінскага раённага суда Гародні Дзмітрый Бубенчык.
40, 35 і 15 базавых велічынь штрафу адпаведна атрымалі актывісты за удзел ва ўшанаванні памяці Паўстанцаў 1863 года ў горадзе Свіслач 30 кастрычніка гэтага года.
«Міліцыянты ў цывільным, якія былі і здымалі акцыю памяці ў Свіслачы і Якушоўцы, паставілі сябе ў праўную пастку», кажа Уладзімір Хільмановіч:
— Калі суд прызнаў нас вінаватымі, дык па ўсіх прыкметах таго, як паводзілі сябе міліцыянты ў час выканання службовых абавязкаў, іх таксама можна прыцягваць за саўдзел у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і распачынаць адміністрацыйную вытворчасць.. Міліцыянты не папярэджвалі нікога з удзельнікаў, што хтосьці нешта парушыў з заканадаўства, і я лічу, што яны слушна не папярэджвалі, бо ніхто нічога не парушаў, але далейшыя іх дзеянні, калі яны паскладалі пратаколы, незаконныя.
Скандальнасць сітуацыі яшчэ палягае ў тым, што прысутныя на месцы ўшанавання памяці міліцыянты выконвалі нейкую сваю задачу, якая была пастаўлена начальствам, не выконваючы сваіх наўпроставых абавязкаў.
Кажа праваабаронца ад Беларускага Хельсінскага камітэта Раман Юргель.
— Даюць вельмі непамерныя штрафы за гэтыя так званыя «правапарушэнні», якіх на самой праве не было. На судзе пачулі, што быў план мерапрыемства ў свіслацкай міліцыі, які быў распрацаваны вышэйшымі начальнікамі для таго, каб сачылі за гэтай акцыяй, быў загад, каб склалі рапарты, пратаколы. Сёння мы пачулі несправядлівы прысуд.
Паводле праваабаронцы Рамана Юргеля, не інакш, як дыскрымінацыяй паводле палітычных і моўных прыкметаў для беларусаў такі прысуд не назавеш. А 22-га снежня пройдзе разгляд касацыйнай скаргі Васіля Клімовіча з Мастоў, які быў аштрафаваны па гэтым жа артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса ў абласным судзе Гародні. Казус у тым, што яго нават і блізка не было на акцыі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
***
У судзе Ленінскага раёна Гародні разглядаюцца некалькі адміністрацыйных спраў супраць грамадскіх актывістаў Сяргея Верамеенкі, Віктара Сазонава ды Уладзіміра Хільмановіча. Падставай для складання пратаколаў стаў іх удзел у традыцыйным Свіслацкім фэсце паўстанцаў 1863 году. Справу яшчэ перад пачаткам працэсу пракаментаваў у нашым эфіры Уладзімір Хільмановіч:
— Безумоўна я не пачуваюся вінаватым, бо тут мы маем справу з класічным пераследам паводле палітычных матываў, паводле поглядаў людзей. І гаварыць пра нейкія юрыдычныя аспекты нават не даводзіцца, бо на самой справе разгляду юрыдычных аспектаў на такіх судах не бывае.
Свята Паўстанцаў ужо больш за 20 гадоў праходзіць у Свіслачы Гарадзенскай вобласці. Таксама яго ўдзельнікі наведваюць Якушоўку – працягвае Уладзімір Хільмановіч:
— Гэта мірная ўшанавальная акцыя, пасля якой на Гарадзеншчыне пачынаюцца Дзяды, людзі прыязджаюць на могілкі, запальваюць знічы, прамаўляюць нейкія словы памяці нашых славутых продкаў. Там пахаваны Віктар Каліноўскі. Апошнія два гады мы таксама прыходзім на магілу Віктара Дзесяціка, мясцовага актывіста, які быў апошнія дзесяцігоддзі актыўным арганізатарам гэтага фэсту, і які заўчасна адышоў. Па сутнасці, фармальна — гэта экскурсійна-ушанавальная акцыя.
На падобныя акцыі не патрэбныя ніякія дазволы – лічыць Уладзімір Хільмановіч. За ўдзел у Свіслацкім фэсце ўжо некалькі чалавек пакараныя штрафамі, заўтра ў Ваўкавыску таксама пройдзе суд над актывістам Віталём Гуляком.
Беларускае Радыё Рацыя