Гарадзенскім актывістам не ўдалося дамагчыся законнасцi



Гарадзенскі абласны суд пакінуў ў сіле прысуд актывістам, што былі аштрафаваныя за акцыю „Марш недармаедаў”. За гэтую акцыю Анатоль Мышкевіч быў пакараны штрафам у 25 базавых велічыняў, а Яўген Браўн – у 15 базавых. Аднак хлопцы не з’явіліся на суд, і суд адбыўся без іх прысутнасці.

Пра суд распавядае праваабаронца Віктар Сазонаў:

– Вельмі здзівіла тое, што суддзя вёў паўнавартасны працэс без людзей, якіх ён тычыцца, але вёў для людзей, якія папросту прыйшлі паслухаць, для журналістаў. Суддзя доўга разглядаў матэрыялы справы. Усё гэта гаворыць пра тое, што змяняюцца настроі ці даюцца новыя ўказанні. Зараз, па сутнасці, яны да кожнай літары стараюцца паказаць пэўную законнасць. Хоць, безумоўна, вынік быў такі, як і заўсёды. Вынік быў чаканы.

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Раман Юргель лічыць, што ўсе суды дзейнічаюць па нейкім указе зверху:

– Суды падтрымліваюць карпаратыўную салідарнасць з ніжэйшымі судамі, міліцыяй. Іншых прысудаў мы ніколі не чулі. Абласны суддзя таксама чытаў у скарзе спасылкі на тое, што трэба прытрымлівацца Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канстытуцыі, права на мірныя сходы, на свабоду слова. Але без задавальнення пакінуў скаргу і прысуд раённага суда.

Гэты суд быў адзіным выпадкам за апошнія некалькі гадоў, калі касацыйны суд у Гародні адбываўся без заяўнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня