Гарадзенскія актывісты атрымалі ліст ад Севярынца



Сужонства Верамеенкаў, якія з’яўляюцца грамадскімі актывістамі і ўладальнікамі гарадзенскай крамы „Адметнасць”, атрымала ліст ад палітвязня, сустаршыні БХД Паўла Севярынца.

Кажа Сяргей Верамеенка:

– Атрымалі сёння ліст ад Паўла Севярынца. Супадзенне было, акурат калі глядзелі перадачу „Беларус беларусу беларус”, дзе жонка Паўла Воля расказвала пра свайго мужа. Акурат у гэты ж час прыходзіць да нас ліст ад Паўла. Вельмі прыемна, вельмі цёплы ліст. Піша, што трымаецца, атрымлівае вельмі шмат лістоў, дзякуе вельмі ўсім за гэта, перадае прывітанні.

Сяргей Верамеенка раіць пісаць лісты, а таксама адсылаць паштовыя пераводы:

У сваю чаргу, таксама ўсіх заклікаю, каб пісалі лісты ўсім каго знойдзеце на сайце „Вясны”, усім, каго ведаеце, хто сядзіць у нашай гарадзенскай турме ў тым ліку. Пішыце ім, лістуйцеся, ну і канешне ж дасылайце грошы, бо гэта вельмі важна. Гэта вельмі проста, можна падысці на пошту, указаць адрас турмы ці калоніі, дзе сядзіць чалавек і пазначыць яго прозвішча, імя, імя па бацьку.

Сяргей Верамеенка таксама ўпэўнены ў тым, што тыя, хто сядзіць за кратамі, будуць радыя атрымаць не толькі лісты ды грошы, але і перадачы з-за кратаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча