Гарадзенскія актывісты прынялі рашэнне не ладзіць Дзень Волі



Прадстаўнікі розных палітычных партый і грамадскія актывісты, што падавалі заяўку на правядзенне Дня Волі ў Гародні, прынялі рашэнне не ладзіць масавага мерапрыества з-за эпідэміі каронавіруса.

Кажа адзін з заяўнікаў, кіраўнік гарадзенскай арганізацыі АГП Уладзімір Пруднікаў:

– Прынялі рашэнне адмовіцца ад правядзення масавага мерапрыемства ў сувязі з небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, рызыкай распасюджвання вострых рэспіраторных захворванняў, у тым ліку каронавіруса. Таму Дзень Волі прапаную адзначыць кожнаму як ён хоча, напрыклад, ушанаваць месцы, звязаныя з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі, прыняць удзел у сіці-квесце.

Па словах кіраўніка „Цудоўні” Андрэя Несцяровіча, гарадзенцаў чакаюць шмат іншых актыўнасцяў.

– Замест нейкай яркай і святочнай падзеі мы проста раскідаем гэта на шэраг маркераў, на шэраг невялічкіх акцыяў культурна-забаўляльнага характару, дзе будзе квэст па горадзе на некалькі дзён, дзе яшчэ некалькі цікавостак, якія пакуль не буду агучваць, каб захаваць інтрыгу. На працягу фактычна тыдня перад падзеяй, то бок 23-24-25 сакавіка кожны дзень будзе нешта адбывацца. Магчыма з’явяцца яшчэ нейкія актыўнасці.

Апроч гэтага заяўнікі сёлетняга гарадзенскага свята накіравалі паведамленне да гарадскіх уладаў аб адмове ад масавага мерапрыемства.

Беларускае Радыё Рацыя