Гарадзенскія біскупы віншуюць з Вялікаднем
Каронавірусная інфекцыя, якая не супыняе сваю атаку на чалавека, паклала вялікія змены на парадак адзначэння свята Вялікадня ў Беларусі і ўсім свеце. Але гэта не нагода для смутку для кожнага з нас.
„Таму сёння, як ніколі, нам патрэбна ласка веры, дзякуючы якой мы знойдзем шлях да Бога і да чалавека,”- кажа арданарый гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваім вялікодным пасланні.
– Нам патрэбнае ўмацаванне надзеі, якая падтрымае нашыя слабыя сілы, і моц любові, каб мы не паддаліся пачуццю страху. Станавіліся больш чулымі на патрэбу іншых і, кажучы мовай Святога Францішка, маглі б не столькі шукаць суцяшэння, колькі даваць яго, не столькі шукаць разумення, колькі разумець, не столькі шукаць любові, колькі любіць.
Тэму любові паміж людзьмі і гаючую яго сілу ў Вялікдзень працягвае дапаможны біскуп гарадзенскай дыяцэзіі Язэп Станеўскі.
– Сёння, калі сэрцы вучняў Езуса і надалей адчуваюць трывогу, Хрыстус зноў адорвае нас, як тады сваіх вучняў, дарам супакою і еднасці, якія так патрэбныя нашым сем’ям і нашай Бацькаўшчыне. У радасны дзень Вялікадня, калі перажываем свята святаў, хачу падзяліцца з вамі той радаснай весткай, якая напоўніла, перамяніла і ўмацавала сэрцы вучняў. Хрыстус сапраўды ўваскрос і ён сярод нас і сёння.
Добрага здароўя і сілаў зычаць гарадзенскія біскупы сваім вернікам, каб ім быць здольнымі адказваць на штодзённыя выклікі. Каб Бог умацаваў салідарнасць і сувязі вернікаў. Аддаліў хваробы і даў ласку жыцця.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя