Гарадзенскія ІП: Імпічмент! Свабоду!
Больш за 100 прадстаўнікоў дробнага бізнесу, якія сабраліся каля гарвыканкама, патрабавалі не толькі эканамічных, але і палітычных зменаў. На думку людзей, улада, якая абраная незаконным шляхам і не ў стане забяспечыць годнае існаванне свайму народу, павінна сысці:
– Пакуль мы не пачнём сябе паважаць, да той пары ў нас нічога не будзе. Пачнём сябе паважаць – кожны прыйдзе на выбары і няхай яны паспрабуюць зманіць ці выгнаць.
– Імпічмент! Імпічмент!
– Свабоду! Свабоду!
– Майму сыну спаўняецца 18 гадоў, ён вучыцца. Дзе яму працаваць? У нас беспрацоўе. Мы неяк жылі раней з майго бізнесу.
– Здзіўляе бяздзейнасць мясцовых органаў кіравання і самакіравання, бо яны не бароняць нашыя інтарэсы. Ніхто з кіраўніцтва нават не выйшаў да нас, хоць яны мусяць ад нашага імя выходзіць да вышэйшага кіраўніцтва краіны.
Праз тыдзень, 29 лютага, гарадзенскія прадпрымальнікі маюць намер зноў сабрацца на плошчы Леніна. Прадстаўнікі дробнага бізнэсу спадзяюцца, што ўдзел у мітынгу прымуць усе, хто з новага года застаўся без працы – а гэта больш за тры тысячы жыхароў горада над Нёманам.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
Гарадзенскія дробныя гандляры спадзяваліся на чарговую сустрэчу з прадстаўнікамі гарадскіх уладаў. 22 лютага яны прыйшлі да будынка гарадской вертыкалі на плошчы Леніна. Аднак, да людзей ніхто не выйшаў. На сувязі – наш карэспандэнт з Гародні:
— Каля Гарадзенскага гарвыканкама на плошчы Леніна сабралася каля 150 індывідуальных прадпрымальнікаў Гародні. Яны прыйшлі, каб чарговы раз паразмаўляць з уладамі. Але ніхто не адгукнуўся на прапановы ІП. Таму, прастаяўшы больш за гадзіну, людзі разышліся. Адзінае, што зрабілі прадпрымальнікі, гэта праскандавалі: «Работу, свабоду, імпічмент!» Паводле ІП, кіраўнік краіны цягам доўгага часу не вырашае іх пытанняў. Прадпрымальнікі сабраліся ў такім невялікім складзе і з прычыны надвор’я. У той жа час яны паведамілі, што праз тыдзень, 29 лютага, зноў збяруцца на плошчы Леніна, каля гарвыканкама, і паспрабуюць данесці свае патрабаванні ўладзе.
І ў Гародні, і ў Менску многія ўдзельнікі акцый прадпрымальнікаў патрабуюць ужо не толькі адмены ўказа №222 пра сертыфікацыю тавараў, але і адстаўкі кіраўніка дзяржавы, які падобныя ўказы падпісвае.
[Not a valid template] Беларускае Радыё Рацыя, Гародня