Гарадзенскія гісторыкі стварылі мапу «народных назваў» горада
На мапе, што з’явілася ў інтэрнэце можна пабачыць такія назвы як Шанхай і Палестына, Маслабаза ды Лунінская. Менавіта ў раёнах з такімі назвамі жылі гарадзенцы 40-50 год таму. На мапе — больш за 50 аб’ектаў: раёны, пляжы, кінатэатры і іншыя «нефармальныя» тапонімы. Яны падкрэсліваюць, што высвятленне адносін паміж гродзенскай моладдзю амаль ніколі не набывала адкрыта крымінальнага характару.
Якія цікавыя месцы можна пабачыць на гэтай мапе распавядае гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч:
— Ёсць сапраўдныя тапонімы кшталту «П′янага вугла», на скрыжаванні вуліц Гарнавых і былой Лаласянскай, а цяпер Савецкіх пагранічнікаў, дзе было чатыры піўнушкі на кутах вуліцы. Гэта «Вусікі» — пляж. Зноў жа назва «вусікі» аказваецца паходзіць ад вадзяных вусоў, што разыходзяцца ад камянёў схаваных пад вадой. Гэта назвы пляжаў, якія на сённяшні дзень ужо не існуюць: пляж «лягушка» насупраць Каложы. Вядома, трэба звярнуць увагу на тое, што сапраўды мова розная была.
Па словах Андрэя Вашкевіча мапа ўжо карыстаецца вялікай зацікаўленасцю гарадзенцаў і з′яўляюцца новыя назвы, якіх гісторыкі не ведалі пад час сваёй працы.
гарадзенцы на „Піўным вугле”
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня