Гарадзенскія ідэолагі прапануюць назваць вуліцы імёнамі савецкіх герояў
На афіцыйным сайце выканаўчага камітэта гарадзенскія ідэолагі выставілі сваю прапанову па назве сямнаццаці вуліцаў ускраінаў Гародні: Забалаць-3 і Ласосна-4. Вуліцы ідэолагі прапануюць назваць імёнамі дзеячаў савецкай эпохі: герояў Савецкага Саюза, удзельнікаў абарончых баёў Чырвонай арміі і франтавікоў, якія тут жылі. Пакуль гэтая прапанова выстаўлена на грамадскае абмеркаванне. Алесь Госцеў, лаўрэат прэміі імя Язэпа Ядкоўскага, мяркуе, што існуе шмат патэнцыйных назваў, якія акажуць значна большы ўплыў на нацыятворчы працэс Беларусі:
– Напрыклад, вуліца ў Ласосне магла б называцца Мануфактурная. Бо ведаем, што там была добрая частка ўсіх Тызенгаўскіх мануфактур. І сама б назва ўжо прымушала людзей задумацца. Сёння гэтае слова не ўжываецца для вытворчасці. Таму і задумаўся б чалавек, паглыбляў бы свае веды пра гісторыю канкрэтнага рэгіёна. Ну, і самы плённы напрамак – увекавечваць імёны нашых землякоў.
«Ужо даўно трэба вярнуць назвы вуліцам імя Эміліі Плятэр, Якуба Ясінскага, паплечніка Андрэя Тадэвуша Касцюшкі, якія ўжо былі ў гісторыі Гародні — мяркуе Алесь Госцеў, — такіх імёнаў безліч». Што да назваў у раёнах індывідуальнай забудовы „Забалаці-3” і „Ласосна-4”, гарадзенцы яшчэ могуць выказацца. У паведамленні гарадзенскіх ідэолагаў ёсць адрас электроннай пошты, куды можна дасылаць свае меркаванні([email protected]).
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота vgr.by