Гарадзенскія курсы „Мова Нанова” пераязджаюць на новы адрас
Гарадзенскія курсы „Мова Нанова” наведаў Алесь Аскерка, беларускамоўны фітнэс-трэнер, які працуе ў Менску. На чарговай сустрэчы курсаў ён распавёў пра заняткі фітнэсам, што яны даюць, а што забіраюць. І на што варта звярнуць увагу сучаснаму чалавеку.
Кажа Алесь Аскерка:
– Асноўная ідэя заключаецца ў тым, каб напалохаць гарадзенцаў. Па-першае. Бо ў нас зараз эра хуткага тэхналагічнага прагрэсу. Мне хацелася б, каб людзі не забываліся на тое, што эвалюцыйныя працэсы праходзяць нашмат больш павольна ў чалавека. У сэнсе фізічнага развіцця, фізічнага стану чалавека мы не занадта сёння адрозніваемся ад тых, хто ганяў мамантаў. Таму фізічная актыўнасць – яна вельмі важная для чалавека. Трэба гэта разумець.
Удзельнікі курсаў даведаліся, як называюцца асноўныя цягліцы чалавека па-беларуску, якога тыпу бываюць віды фітнэсу.
А вядоўца курсаў Эмілія Комар паведаміла, што заняткі „Мова Нанова” пераязджаюць на новы адрас Гародні. Гэта будзе ўжо 21-га лютага.
– На Дзень роднай мовы ў нас ужо будзе такі падарунак – і сабе, і нашым слухачам. Гэта пераезд у новае памяшканне. Таксама ў цэнтры, на вуліцу Траецкую, у антыкавярню “Партал”. Госцем будзе Ігар Случак, будзем гаварыць пра беларускі бізнэс. Ігар адзін са стваральнікаў сайта svaje.by. А непасрэдна бізнэс будзе прадстаўляць бізнэсмен Андрэй Несцяровіч. У нас будзе класна, будуць конкурсы, будуць віктарыны, і гэта будзе такая ўрачыстаць, і падарункі будуць. Гэты пераезд – новы этап нашых курсаў.
На курсы „Мова Нанова” запрашаюць на сераду, 21-га лютага, на міжнародны Дзень роднай мовы з дрэс-кодам, які датычыць наяўнасці нацыянальнага строя.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара