Гарадзенскія назіральнікі не змаглі падаць скаргі
Гарадзенскія назіральнікі не здолелі ў панядзелак вечарам падаць скаргі старшыні Кастрычніцкай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Хоць паводле заканадаўства, праца камісіяў трывае яшчэ тры дні ад дня завяршэння выбараў, прадстаўнікі камісіі палічылі, што наведнікаў не будзе, і пакінулі свой пост. Кажа давераная асоба Таццяны Караткевіч Дзмітры Бандарчук:
– Ёсць для гэтага тры дні, і тэрытарыяльныя камісіі мусяць працаваць па графіку з 10 да 19 гадзін. Але ўчора мы сутыкнуліся з праблемай, што ўжо а 18-й гадзіне не працавалі тэрытарыяльная камісія ў Кастрычніцкім раёне і абласная камісія. Таму мы адразу накіравалі скаргу ў ЦВК на тое, што камісіі не працуюць.
На паседжанні абласной камісіі Дзмітры Бандарчук спадзяецца таксама ўзняць пытанне пра гэтае незаконнае дзеянне раённай і абласной камісіяў. Бо, на думку актывіста, камісіі чакалі меркавання місіі АБСЕ, а пазіцыя айчынных назіральнікаў іх не цікавіць.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
