Гарадзенскія назіральнікі зафіксавалі шмат парушэнняў



У апошні дзень папярэдняга галасавання назіральнікі, што працуюць ад кампаніі «Права Выбару» па Гарадзенскай вобласці, зафіксавалі вялікую колькасць парушэння выбарчага заканадаўства. Асноўнымі парушэннямі з’яўляюцца: ўкідка бюлетэняў, прысутнасць на ўчастках невядомых людзей, у перыяд перапынкаў і на ноч на ўчастку знаходзяцца міліцыянты, а таксама тое, што камісіі адмаўляюцца даваць агульную лічбу людзей, што маюць права галасаваць на гэтых участках.

Пра працу назіральнікаў распавдае партыйны каардынатар па назіранні ад Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) Алег Рамашкевіч: 

– Гэта можа сведчыць пра тое, што выбарчая камісія гатуе нейкія адсоткі, патрэбныя ёй для канчатковага пратакола, г.зн., гатуецца фальсіфікацыя. Пакуль нікога не выдалялі, але ёсць сведчанні назіральніка з Гародні, якога старшыня афіцыйна папярэдзіў, што калі з’явяцца матэрыялы пра працу камісіі ў інтэрнэце ці ў іншых СМІ, яго выдаляць з участка. Такі ж малюнак назіраем і на слонімскім выбарчым участку №1.

Назіральнікі сведчаць, што асноўныя парушэнні могуць адбыцца ў асноўны дзень галасавання і чакаюць, што пачнуць выганяць назіральнікаў за тое, што яны нібы перашкаджаюць працы камісіі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня