Гарадзенскія праекты прызнаныя „Падзеяй года” у Беларусі



 

“Універсітэт Залатога Веку” і Фестываль моладзевай журналістыкі „Твой стыль” увайшлі ў лік пераможцаў нацыянальнага конкурса „Лепшая адукацыйная падзея года”.

Больш трохсот удзельнікаў 5-га фэсту нефармальнай адукацыі, адзначэнне пераможцаў у розных намінацыях – гэта была толькі частка фестывалю.

А намінацыю “Падзея году” вызначала, як прафесійнае журы, так і народнае галасаванне.

Пра тое, што значаць гэтыя ўзнагароды распавядае Вітаўт Руднік, кіраўнік гарадзенскай арганізацыі “Цэнтр Трэці Сэктар”, на базе якой адбываецца і фэст журналістыкі “Твой стыль” і “Універсітэт Залатога Веку”

– У першую чаргу – гэта прызнанне важнасці той справы, якую мы робім. Прызнанне, што такога кшталту фестываль журналістыкі ў Беларусі патрэбны, што ён спрыяе падрыхтоўцы новых спецыялістаў, спрыяе ўмацаванню сувязяў паміж журналістамі, салідарнасці ў беларускім асяроддзі. Вельмі прыемна, што мы адзіныя, хто ладзіць у Беларусі падобнага кшталту імпрэзы, пачынаючы з 2007 году. Узнагарода для нас вельмі ганаровая, пачэсная. Мы будзем старацца апраўдваць той высокі давер, які ўсклалі на нас людзі, якія падтрымалі нас у інтэрнеце.

Наступны фестываль журналістыкі “Твой стыль” адбудзецца ў Гародні ў 2016 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя